⇚ На страницу книги

Читать Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць

Шрифт
Интервал

© Леанід Лаўрэш, 2024


ISBN 978-5-0064-6265-6

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Лябёдка Іваноўскіх

Дакументальная аповесць

Ад аўтара

Гэтая аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям’і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.

Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава – Ежы і Тадаса – шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай маёй аповесці будзе сястра Вацлава – Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886—1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў1.

Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі2 пісаў пра сваю сям’ю: «Сям’я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі – Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці – Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям’і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, – такога больш ні ў каго не было.

Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу3.

Мае дзядзькі мелі адно хобі – часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак4. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў – якога з Іваноўскіх яна жонка?

– Таго, які мае толькі адну жанчыну, – адказала мая маці.

– А, значыць, Станіслава, – заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх».

Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876—1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.

Вацлаў Іваноўскі (1880—1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, – чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.

Тадэвуш Іваноўскі (1882—1970) – прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.

Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887—1970) прымаў удзел у польскай «Самаахове» Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго я таксама трошкі раскажу…


Аўтар выказвае самую шчырую падзяку слыннаму беларускаму гісторыку Генадзю Семянчуку і Анджэю Іваноўскаму (праўнуку Вацлава Іваноўскага), якія шмат зрабілі ў справе вывучэння генеалогіі роду Іваноўскіх і дапамаглі аўтару пры напісанні гэтай аповесці.

Лябёдка і Іваноўскія

Род Іваноўскіх

Навукова абгрунтаваны радавод Іваноўскіх з ласкавай згоды яго стваральнікаў Анджэя Іваноўскага і Генадзя Семянчука я падаю ў дадатках да гэтай кнігі.