Читать Пераслед мінулага
1
З учарашняга ранку ўсё гэтак жа невялікія кроплі восеньскай імжы абмывалі старэнькую вёску Боркі, што размясцілася ў шырокай нізіне, удалечыні ад іншых населеных пунктаў. У вільгаці стаялі яе лясныя ўскраіны, шырокія палі, круглявыя лугі і старыя хаты. Канавы ўздоўж хвойных лясоў і пустых палёў поўніліся вадой. У такое надвор'е амаль незаўважнымі становяцца праплываючыя хмары, якія, раствараючыся ў масе падобных сабе, ператвараюцца ў адзін суцэльны абрус. Толькі прыгледзеўшыся, можна было злёгку заўважыць павольны рух шэрай масы, што плыла ў бок цёмнай лініі высокага лесу. Здавалася, што дробны пануры дождж не збіраецца сыходзіць да зімы, што шэрая роўнядзь над галавой ніколі не адпусціць з палону цёплае сонца і неабсяжнае блакітнае неба. Вада лёгка ляжала на мяккай сырой зямлі. Празрыстыя кроплі, якія сцякалі з жоўта-чырвонага лісця, хутка напаўняліся, цяжэлі і, зрываючыся, паспешліва падалі долу. Цёмныя фігуры будынкаў добра вылучаліся на яркай палітры кастрычніцкай восені.
Вечарэла, калі белы аўтобус, які выехаў гадзіну таму з горада, спыніўся на краі дарогі. Дзверы адчыніліся, і на аўтобусны прыпынак выйшаў пяцідзесяціпяцігадовы Юрый Люты з двума пакетамі ў руках.
Прыпыначны пункт, які быў размешчаны недалёка ад скрыжавання ўздоўж галоўнай трасы, веяў сырасцю і холадам. Несамавіты бетонны прыпынак на фоне зялёнага бору выглядаў старым. Юрый стаў пад дах, правёў вачамі грамадскі транспарт, а затым паглядзеў на хмары. "Дождж не дубіна і я не гліна!" – падумаў ён і дастаў з чорнага пакета цёмна-зялёны тонкі плашч, каб схавацца ад непагоды.
Высокі мужчына пакінуў прыпынак і збочыў на ямістую жвіровую дарогу, якая абрасла па краях густымі лазовымі кустамі. Юрый з адным лёгкім пакетам вяртаўся дадому ў маленькую вёску. У цяперашні час аўтобус больш не курсіраваў у Боркі, ён высадзіў Юрыя за сем кіламетраў ад вёскі. Так як усе рэйсы былі адмененыя, жыхарам аддаленага населенага пункта даводзілася дабірацца сваім ходам.
Юрый Люты памятаў, калі ў апошні раз аўтобусы заязджалі ў яго вёску. Гэта было даўно, гадоў дваццаць таму, адразу пасля вайны. Нават цяпер, у дрэннае надвор’е, дарога была не такая, як раней, таму аўтобусам і легкавым аўтамабілям цяжка было па ёй праехаць. Добра, што яшчэ пошту і прадукты дастаўлялі людзям. Пасля вайны на дарогу не вылучалі вялікіх грошай, таму ад скрыжавання шлях заўсёды быў разбіты цяжкімі трактарамі, якія часта вывозілі лес, або ў палявы сезон праязджалі гэтай дарогай да палёў. З-за непагоды дарога асядала, вымываліся ямы. Новы асфальт класці ніхто не збіраўся, а стары ўжо даўно разбіўся на кавалкі і змяшаўся з пяском.
Цяпер жа, праз вёску з васьмю жылымі хатамі, па адзінай вуліцы ездзілі толькі леснікі і аграрыі. Раённая ўлада казала, што палепшыць праезд, супакойвала жыхароў і абяцала выправіць сітуацыю, раз на месяц пасылаючы грэйдэр на дарогу, каб ён хоць неяк палепшыў праезд шырокай лапатай. А раз на год, у траўні, калі над балоцістай мясцовасцю дажджы трохі заціхалі, дарогу прысыпалі буйназярністым жоўтым пяском, раўнялі і ўтрамбоўвалі. Але гэтага хапала ненадоўга. Калі ў іншых мясцовасцях лета здавалася гарачым і засушлівым, у Борках раз-пораз грымелі навальніцы. Уся вада сыходзіла ў раку, а вясной, пры раставанні снегу, рака разлівалася, выходзіла з берагоў да лесу, запаўняла сабой балоты і канавы. Таму чорныя тарфяныя палі засяваліся ў пачатку лета толькі раннімі культурамі. Людзі не кідалі ўрадлівую зямлю, якая давала вялікі ўраджай у пачатку верасня.