Читать Раство для Элізы
Кажу вам, што большая радасць у небе будзе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў навяртанні.
Евангелле ад Лукі:15-7
– Мамачка, я ўжо выходжу.
Дзверы кватэры зачыніліся, пакідаючы за сабой ўтульную цёплую атмасферу шматдзетнай сям’і Мурашовых. Два малодшыя брацікі і дзве сястрычкі, а таксама мама з прастудай засталіся дома. Самая старэйшая дачка, трынаццацігадовая Эліза, вырашыла гэтым перадкалядным вечарам пайсці пагуляць. Ёй было трохі маркотна на душы, ды яшчэ дзяўчынка вельмі сумавала па тату, якога не бачыла амаль шэсць месяцаў (ён працаваў за мяжой, дальнабойшчыкам).
Тата Элізы, Арцём Раманавіч, рамантык, творчы чалавек, мастак у душы і па прафесіі, мусіў перакваліфікавацца на кіроўцу, каб пракарміць сваю вялікую сям’ю. На жаль, на радзіме зарабіць добрых грошай з творчасці было амаль немагчыма, таму трэба цярпець вымушанае раставанне з сям’ёй, каб аплачваць крэдыты і мець годны ўзровень жыцця. Ён вельмі любіў сваю жонку, дзетак і таму шмат працаваў, каб на ўлюбёнае свята сям’і – Раство – вярнуцца дахаты з падарункамі. Аднак у гэтым годзе нешта пайшло не так. Наконадні святочнымі выходнымі Мурашова выклікала кіраўніцтва і паведаміла, што неабходна паехаць у яшчэ адну няпланавую камандзіроўку. І прычым звыштэрмінова. Важны хуткапсавальны груз трэба завесці ў адзін з гарадоў Германіі – Дзюсельдорф. Што тут зробіш, як адмовіш, калі гэта так важна. Тым больш плацілі яму вельмі добра ў гэтай фірме, нават больш, чым мужчына мог сабе ўявіць, і таму псаваць адносіны з начальствам яму зусім не хацелася – дзе ты такую добрую працу знойдзеш. Прыйшлося адкласці вяртанне дадому яшчэ на тыдзень-другі. Добра Арцём зрабіў ці дрэнна – ён не мог зразумець, але згрызоты сумлення чамусьці пасяліліся ў ягонай душы, нягледзячы на тое, што жонка падтрымала яго. Як кажуць, унутры скрэблі кошкі, хоць, здаецца, ён зрабіў усё правільна, разлічыў, расклаў па палічках. “Можа, трэба было адмовіць? Няўжо нікога не знайшлі б? Вунь Янэк Савіцкі, нежанаты, свабодны як вецер, мог бы замест мяне паехаць. Чаму я згадзіўся? Я згаджаюся заўсёды. Які я мяккацелы… Але мне цяпер зусім не да твару адмаўляцца, таму трэба збірацца ў рэйс, вось і ўсё”.
Нарэшце ўсё ж такі Арцём усвядоміў прычыны сваіх пакут сумлення: ён жа абяцаў Элізе абавязкова вярнуцца дадому на Раство. “Калі ты абяцаў, ты павінен быў выканаць сваё абяцанне і не згаджацца ні на якія прапановы начальства, – казаў яму ўнутраны голас. – Тое, што ты даў абяцанне дзіцяці, не азначае, што яго можна не выконваць”. ”Але не ўсё ад мяне залежыць у гэтым жыцці", – спрабаваў апраўдвацца перад сваім сумленнем бацька. “Ага, ты проста мог сказаць «не» – і ўсё. Ніхто б цябе не звольніў. Яны павінны разумець – у цябе сям’я.”
І вось пакуль дальнабойшчык у цэнтры Еўропы мучыўся са сваім сумленнем, збіраючыся ў чарговы рэйс, яго дачка Эліза, знаходзячыся ў родным Гродне, выйшла з пад’езда і пакрочыла па замеценай снегам дарожцы, якая вяла яе ў цэнтр горада.
– Дачушка, мілая, будзь асцярожнай… – гэтыя словы не дасягнулі слыху Элізы, бо былі сцішаныя ахрыплым голасам мамы і таму засталіся ў межах кватэры. Мама дзяўчынкі, Вераніка, хатняя гаспадыня, хоць спачатку і сказала дачцэ, што трэба застацца дома, каб дапамагчы з меншымі дзеткамі ды ў прыгатаванні святочнай вячэры, усё роўна потым саступіла настойлівай просьбе падлетка пайсці пагуляць. Мо таму, што была вельмі знясіленая хваробай, каб сказаць цвёрдае “не”, ці праз сваю стомленасць бясконцымі хатнімі клопатамі. Як бы там ні было, але Вераніка ўжо шкадавала аб тым, што зрабіла. Яна ніяк не магла суняць трывогу, якая ўсё нарастала і нарастала ў сэрцы. Неспакой за дачку, прадчуванне, што з ёй можа здарыцца нешта благое, не пакідалі яе. І яна не ведала, што рабіць. Спачатку прамільгнула думка пазваніць мужу, але жанчына адразу адкінула яе – там яму і так няпроста, навошта лішняга клопату дадаваць. Потым пачала званіць дачцэ на тэлефон, але Эліза яго пакінула дома: яна не вельмі любіла сучасныя сродкі сувязі, брала с сабой тэлефон вельмі рэдка. І сёння ён ёй, як відаць, таксама не быў патрэбны.