⇚ На страницу книги

Читать Мерэйна Патэстас - стр. 4

Шрифт
Интервал

Юрась зрабіў нявінныя вочы.

– Ты пра што, наогул?

– Кінь гэта! Ты ведаеш пра што!

У поглядзе Юрася паступова разгаралася здзіўленне, пакуль ён пiльна глядзеў на артэфакт. Я адчуваў, што Юрка ўжо падлічвае ў думках гіганцкую суму, якую можна атрымаць ад продажу медальёна на чорным рынку.

«Так, Юрась, ты не самы сумленны чалавек. І я сам, мабыць, таксама».

– Колькі ты хочаш? – нарэшце прама спытаў ён.

– Тысячу даляраў, – спакойна адказаў я, разумеючы, што рэальны кошт у дзясяткі разоў большы.

– Вось не прагавіты ты, Тарасавец. Дамовіліся! – імгненна адказаў радасны Юрась.

Праз месяц я прыехаў да суседкі. У кішэні ляжала тысяча даляраў, атрыманая ад Юрася, а дакладней – ад ягоных ценявых таварышаў.

Але ў кватэры чамусьці была пара незнаёмых людзей, а Вера Максімаўна адсутнічала. Я пацікавіўся, дзе ж гаспадыня.

– Яна памерла, – без усялякіх цырымоній сказаў адзін з незнаёмцаў.

– Але як гэта? – прашаптаў я, адчуваючы, што гатовы проста сесці на падлогу пасярод залы.

– Віталь вунь там, у пакоі. Можаце з ім пагаварыць, калі хочаце.

Аглушаны жахлівай навіной, я машынальна прайшоў да пакоя. Вiталька сустрэў мяне маўчаннем і злосным позіркам. Я глуха прамовіў:

– Вiталька, я магу купіць табе вазок. Мяне твая матуля прасіла. Грошы я дастаў.

Хвіліну Вiталька толькі злосна тарашчыўся на мяне, нічога не адказваючы. Нечакана ён апусціў галаву і прамармытаў:

– Не! Я не заслужыў. Маці столькі гадоў са мной мучылася. На пахаванне грошы ёсць, а больш не трэба нічога. Пакінь сабе грошы. Або лепш, ведаеш што, – тут ён падняў галаву і паглядзеў на мяне ўважлівым позiркам, – аддай грошы ў дзіцячы дом. Мая дачка ў дзіцячым доме вырасла. Ужо не паправіш нічога, яна мяне бачыць не жадае. Але можна іншым дапамагчы. Зрабі так, Гена, калі хочаш.

Я выйшаў з кватэры ні з кім не развітаўшыся. У гэты ж дзень я ахвяраваў тысячу даляраў у дзіцячы дом. Праз тры месяцы Юрася злавілі падчас яго махінацый і выгналі з працы. Юрка заўсёды быў шчасліўчык і яму пашанцавала зноў – абышлося без крымінальнай справы. А яшчэ праз паўгады медальён Мерэйны ўсплыў на буйным аўкцыёне. Нейкі ананімны спонсар купіў артэфакт і, кажуць, мае намер перадаць яго ў адзін з беларускіх музеяў. Напэўна, мой сон быў прароцкім – усё атрымалася так, як трэба. Вось толькі я да гэтага часу не ўпэўнены, што зрабіў як трэба.

Канатус

– Сяргей Арменавіч Лапаткоў? – спытаў мяне Эдуард афіцыйным тонам.

Я адчуў, што мой пухнаты «дварняковы» кот, вялікі і чорны, зноў вырашыў паджартаваць. Ён звяртаўся да мяне так афіцыйна, калі збіраўся мяне падражніць.

– Чаго табе, Эдуард? – спытаў я.

– Як чаго? Ты ж сам хацеў пагаварыць пра жыццё пасля эпідэміі? – спакойна, але не без ценю хітрай іроніі ў голасе, прамовіў кот.

– Так? – спытаў я, адчуваючы няўпэўненасць.

– Ну так, – пацвердзіў кот.

– Хм, – сказаў я шматзначна.

– Уся справа ў тым, што тут неабходны канатус, – сказаў кот.

– Што-што? – удакладніў я.

– Канатус гэта патрэба ў самаразвіцці. Вось ты, да прыкладу, не скончыш жа развіццё з-за віруса? Ты будзеш працягваць як мінімум таўсцець…

– Гэта яшчэ пытанне хто тут больш таўсцее, – вызвiрыўся я – Вунь ты сам глянь, як на сваім сухім карме з вітамінамі ад'еўся.

– Не важна, – адказаў кот. – Важна, што ты зможаш зрабіць нарэшце тое, пра што марыў.