«Масквiч-412», альбо «каблук», як трапна празвалi людзi гэтую практычную для нашых дарог машыну, збочыў з галоўнага шляху на малаезджаны ўхабісты прасёлак. Святло супрацьтуманак выхоплiвала з цемры вялiзныя сосны, што туліліся абапал гравiйкi. Яны – добрыя арыенцiры, асаблiва на паваротах i скрыжаваннях. У кабiне – двое. За рулём насуплены кашчавы чалавек у чорнай пацёртай скуранцы i гэткiм жа капелюшы, насунутым на санлiвыя, халодныя вочы. Невялiкiя чорныя вусы выразна падкрэслiваюць незадаволенасць i пагарду, якiя назаўсёды прылiплi да агрубелага, карычневага твару-маскi. На няголеным выцягнутым твары палаюць чырвоныя пухiры – сляды нейкай скурнай хваробы. Вадзiцель далонню раз-пораз пацiрае шыю, шчакой скрабецца аб каўнер – пухiры вельмi свярбяць i замiнаюць. Чалавек у скуранцы ўпэўнена рулюе, вiдавочна, ён добра ведае гэтую глухамань. Другi мужчына мажны, медзведзяваты, шырачэзны ў плячах, з буйнымi рысамi твару. Зразумець, цi ён спiць, цi робiць выгляд, немагчыма. Вялiкiя, парослыя залацiстымi валасамi рукi спакойна ляжаць на каленях, галава схiлена на грудзi, вочы заплюшчаны, але па тым, як раз-пораз нервова ўздрыгваюць вейкi, як засяроджана сышлася на пераноссi глыбокая складка, вiдаць, што чалавек не ў салодкай дрымоце, а ў нейкiх цяжкiх развагах. За некалькi апошнiх гадзiн нiхто з дваiх не сказаў нiводнага слова. На чарговай вiхлястай паваротцы машыну занесла, пасажыра матлянула, ён адразу спахапiўся i невiдушчым позiркам уставiўся ў акно.
– Хутка прыедзем? – сiлячыся нешта ўбачыць у цемры, спытаўся медзведзяваты.
– Хвiлiн праз дваццаць будзем на месцы, – глуха азваўся вадзiцель i пацёрся шчакой аб каўнер скуранкi.
Медзведзяваты зноў адкiнуўся на сядзеннi i, сонна пазяхаючы, з адценнем абыякавасцi прагаварыў:
– Як там лягавы?
– Жывучы, – шафёр цвыркнуў слiнай у прачыненае акно i незадаволена кiнуў: – I нашто ён табе здаўся?
– Трынаццаць год адседзеў, а розуму не набраўся, – працадзiў скрозь зубы здаравяк. – I потым, узялi толькi задатак…
– А ты растлумач, – шафёр скоса зiрнуў на пасажыра, вусны скрывiлiся ў нядобрай усмешцы.
– Пэўна, прыйдзецца ўжо, – прыкрываючы далонню рот, зноў пазяхнуў медзведзяваты i спакойна працягваў: – Па-першае, колькi даюць за нашага брата i колькi адмераюць за лягавага? За яго – вышка, а за Гнiлога – гады тры, ад сiлы – чатыры. I, калi што якое, адбрахацца лягчэй. Скажам, напрыклад, што набытак памiж сабою не падзялiлi…
– Тады навошта мерцвяку пасведчанне лягавага?
– Пачакаем, пакуль надрукуюць некралог, тады мянта i закапаем…
– Думаеш, Гнiлы сойдзе за лягавага?
– Канечне, сойдзе, пакуль у вадзе знойдуць, добра-такi падпухне, падгнiе, а па мордзе i цяпер мацi родная не пазнае, – штучна рагатнуў медзведзяваты. – А пасведчанне падкажа лягавым, каго знайшлi, хто ёсць хто…
– Усё роўна будуць шукаць.
– Няхай шукаюць, калi i знойдуць, у нас свая версiя: пасведчанне знайшлi, нават можна сказаць, што сцiбрылi i падсунулi закадычнаму сябру, каб на той свет iшоў не бесфамiльным, а мянта i ў вочы не бачылi. Дарэчы, як яго прозвiшча?
– Бусел Андрэй Фёдаравiч.
– Вось, няхай Гнiлы птушачкай ляцiць у пекла, а сапраўдны Бусел да пэўнага часу пабудзе з намi. I яшчэ: не спадабаўся мне заказчык, не бабская справа – забойствы арганiзоўваць. А потым, хто навёў на Вожыка?