Читать Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля
© Дзмітрый Кудрэц, 2022
ISBN 978-5-0056-0482-8
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Уступ
Дваццаць год пранеслася, нібы бліскавіца ў небе. Грымнулі, палыхнулі і зніклі дзесьці сярод шэрых хмар.
Колькі ўсяго здарылася за гэтыя дваццаць год і не пералічыць. А калі сесці ды паразважаць, то і ўспомніць асабліва і нечага.
Шмат весак знікла за гэтыя дваццаць год, пакінуўшы за сабой толькі тапаграфічныя назвы ды закалочанныя хаты. Старыя гаспадары з’ехалі, альбо памерлі, а новых не знаходзілася. Пакупнікі не спяшаліся выкласці грошы за куток вясковасці ў чорта на рагах. Вось і стаяць пакінутыя бацькоўскія сядзібы ад лета да лета з агаленнымі вокнамі, някошанымі межамі і пакасіўшыміся платамі ў чаканні, калі на пару дзен з’явяцца нашчадкі, каб адпачыць ад гарадскога гвалту і абабраць тое невялікае, што саспела на здзічэўшых кустах парэчак, агрэсту ці маліны.
У адрозненне ад іншых, веску Сіні Бор мінаваў гэткі тужлівы лес. Яна выстаяла, выжыла, нават пашырылася. З’явіліся новыя хаты, новыя людзі, новыя законы. Прыйшла новая мода на аграгарадкі. Вясковае кіраўніцтва, згодна з цыркулярам аднекуль зверху, адгрохала цэлую вуліцу аднолькавых, нібы цацачных, домікаў. Стоячы пасярод голага поля, яны выклікалі і зайздасць і непаразуменне – хто ж будзе жыць у гэткіх дамах, хаця і збудаваных па навейшых тэхналогіях і з навейшых матэрыялаў, але ж тымі самымі незграбнымі рукамі, што і дваццаць год назад. Кіраўніцтва лічыла, што такім чынам у веску панаедзе шмат моладзі, прыб’юцца свежыя працоўныя сілы. Але, як і звычайна, кіраўніцтва памылілася. Цацачныя домікі мазолілі вочы мясцовым жыхарам, як і амаль палова закінутых, забытых богам і людзьмі старых хат.
Шмат падзей адбылося за гэтыя дваццаць год. Чаго толькі не перажылі выскоўцы за гэты час, чаго толькі не спазналі. Хварэлі камерцыяй. Кідаўся ў таргоўлю хто толькі мог. На першым паверху канторы прымайстравалася адразу некалькі камерцыйных крам. І хаця асартымент і цэны там былі амаль такія ж, што і ў магазіне, людзі ахвотней ішлі ў камкі, асабліва ў той, дзе быўшая магазіншчыца Нінка таргавала сэканд хэндам, а карацей кажучы абноскамі. А чаго? Мы не гордыя. Можам і ў абносках пахадзіць. Нам не прывыкаць. Ды і навошта плаціць ў трыдарага, калі можна на тыя грошы купіць у тры разы болей? І не важна, што на паліто не хапае гузіка, ці спадніца фарбай заляпана. Рукі есць – гузік прыш’ем, фарбу адмыем і будзем хварсіць у абноўках.
Прайшло колькі год і ад тых камерцыйных крам засталіся толькі ўспаміны. І толькі Нінкіна справа працвятала. Праўда Нінка са сваей гаспадаркай перебралася ў сваю хату. І ўжо не пакупнікі цягнуліся за навінкамі, а сама Нінка званіла суседзям і летала па весцы, прапануючы новыя кофтачкі і амаль ненадзеваныя штаны.
Пасля камерцыі пайшла мода на еўрарамонты. Вось тут выдзелываўся хто як мог. Цягнулі што маглі і адкуль маглі. На старую, сто разоў фарбаваную падлогу клалі лінолеум ці, хто пазаможней, ламінат. Няроўныя сцены аздаблялі бліскучымі пярэстымі шпалерамі. Столь таксама не заставалася без увагі. Аббівалі гіпсакартонам, фарбавалі ў нязвыклыя колеры, выводзілі розныя мудрагелістыя ўзоры. Не забываліся і пра мэблю. І на змену старым скрыпучым ложкам і канапам прыходзілі мяккія вугалкі і спальныя гарнітуры, якія ледзь-ледзь уцісківаліся ў непрыстасаваныя для іх памераў пакойчыкі. Але што зробіш? Жыцце патрабуе перамен. Усім хацелась жыць не горш, як у горадзе, ці хаця б не горш як у суседзей. Але вось толькі сродкі і магчымасці не кожнаму дазвалялі ўваасабіць жадаючае. Вось і паходзілі тыя еўрарамонты на еўранедадзелкі.