© Лявон Эдвардавіч Карповіч, 2019
ISBN 978-5-4496-1958-7
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Наказваю вам: любіце адзін аднаго.
(Яна 15:17)
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)
Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам. Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.
Паводле дадзеных Уікліф Глябальны Альянс Біблія даступная для чытаньня ў 471 мове – гэта родная мова прыкладна 4,8 мільярдаў чалавек. Біблія перакладалася ўжо ў далёкай старажытнасьці. Першы пераклад Старога Запавету, зроблены ў трэцім стагодзьдзі да нашай эры. Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову, якая выкарыстоўвалася ў набажэнстве, стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382—406 гадах.
Рэпрадукцыя карціны мастака Мэрызі да Караваджа Мікеланджэла «Сьвяты Еранім» на марцы пошта Мальты (2007 г.)
У 1970 годзе пошта Парагваю выпусьціла ў карыстаньне марку з відарысам карціны Альбрэхта Дзюрэра «Сьвяты Еранім у пустыні». Таксама быў зроблены прыгожы картмаксімум
На сёньняшні дзень Новы Запавет перакладзены на 1223 мовы, а часткі Бібліі – яшчэ на 1002.
Першая друкаваная Біблія – гэта Біблія Гутэнбэрга надрукавана ў 1452—1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам.
Марка пошты Злучаных Штатаў (1952 г.) да 500-годзьдзя Бібліі Гутэнбэрга
Наш знакаміты зямляк Францыск Скарына з Полацку ў 1517 г. у Празе арганізаваў друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і на працягу 1517 -1519 г. надрукаваў 22 кнігі Старога Запавету. Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Сваё выданьне Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі, выкананымі ім.
Таму вельмі слушна Беларуская пошта выдала ў 1997 годзе сэрыю з чатырох марак, прысьвечаную Францыску Скарыне і яго Бібліі
Слушна было б, каб да 500 – гадовага юбілею было зроблена паштовае выданьне з усімі Скарынаўскімі гравюрамі. Гэта быў бы ня толькі знак павагі, але і сьветны падарунак філятэлістам усяго сьвету.
Дарэчы, першы поўны пераклад Бібліі з арыгінальных моў на польскую мову гэта Біблія Брэсцкая з 1563 г.
Як па перакладах так і па тыражы Біблія, сярод іншых кніг, ня мае сабе роўных. Таму Біблія аказвала і аказвае вялізарны ўплыў на чалавечую гісторыю, культуру і мастацтва.