Читать Мястэчка
Сезон першы
В этом городе нет рок-н-ролла!
Рок-н-ролла здесь нет!..
«Звери»
Перемен требуют наши сердца!
Перемен требуют наши глаза!..
«Кино»
Частка першая
Дзея першая
За вокнамі плакала восень. Стукалася дажджом у шкло, каб пусцілі, пашкадавалі. Разбівалася кроплямі з адчаю аб безуважнасць.
Нічога не змянілася за лета. Хлопцы, якімі былі боўдзіламі, такімі і засталіся, толькі смялейшымі сталі, нахабнейшымі. Асабліва Кастальцаў з Хвалеем, якіх апошнім часам паўсюль бачылі ўдваіх. І адкуль такое сяброўства? Хіба што на адной вуліцы жылі, Індустрыяльнай?… Мама першага – уладальніца мясцовага салона прыгажосці, а бацька – дырэктар мясакамбіната, і ў яго раман з геаграфічкай Наталляй Франсаўнай, пра які ўсе ведалі, але рабілі выгляд, што не ведалі. Бацька ж Хвалея звычайны сярэднестатыстычны п’янтос. Хвалей, між іншым, выцягнуўся. Ростам быў ніжэй за ўсіх, нават ніжэй за яе, Дашу Белую, вучаніцу дзясятага «А», сімпатычную дзяўчынку, захопленую Кафкам. Яна не вельмі любіла кіно, больш кніжкі чытала. «Уладара пярсцёнкаў», «Гары Потара», Кафку, асабліва «Амерыку» Кафкі. Гуляць – не гуляла. Сумна і аднастайна было ў іх мястэчку і пайсці няма куды. Ніякіх выбітнасцяў. З задавальненнем згаджалася ўдзельнічаць у школьнай самадзейнасці, але тое адбывалася тры разы на год: на Новы год, на Восьмае сакавіка і на Дваццаць трэцяе лютага. Ды мерапрыемствы праходзілі амаль заўсёды аднолькава па падобных адзін на аднаго сцэнарах. Карацей – нудоцішча.
Гледзячы на Кастальцава з Хвалеем, Даша падумала, што ёй таксама хацелася б з кім-небудзь сябраваць, але з кім? Усе яе адносіны з аднакласнікамі абмяжоўваліся дзяжурнымі прывітаннем ды пакуль. Ні пра якое сяброўства яна раней не задумвалася. Хлопцы сябравалі адзін з адным, але не ўсе. Колю Пінокіа, празванага так за доўгі нос, наогул зачмырылі і не лічылі за чалавека, таму што ён не мог пастаяць за сябе і плакаў, як дзяўчынка, калі яго білі ці крыўдзілі. Ён нядрэнны, але баязлівы, старанны ў вучобе і ўсё такое, аднак школа для яго, напэўна, пекла. Ён нават рухаўся неяк бокам і стараўся апынацца бліжэй да сценкі, каб не атрымаць знянацку выспятка. Пакрыўдзіць слабога лічылася святым абавязкам кожнага годнага павагі «пэцана» (так хлопцы адзін аднаго звалі). Але гэта было не пра Пінокіа.
Марыя Пятроўна, настаўніца рускай літаратуры і класны кіраўнік дзясятага «А», сядзела за настаўніцкім сталом, узвышаючыся над класам, чытала штосьці гламурнае ў глянцавым часопісе, павольна адломвала кавалачкі шакаладу «Алёнка» (фольга пры гэтым шамацела так, нібы скардзілася на недастатковую далікатнасць) і насалоджвалася яго смакам. Усе вакол ведалі пра незвычайную прыхільнасць настаўніцы да салодкага, таму амаль не рэагавалі на яе міжвольныя прыцмокванні, занятыя сачыненнем на тэму «Як я правёў (правяла) лета». Ніхто ў класе не гаманіў і не мітусіўся, нават дзіўна, усе рупліва ўткнуліся ў раздадзеныя аркушыкі і складалі ўласныя вакацыі. Даша нічога не складала. Яна напісала, што ні на якія курорты не ездзіла, ні з якімі хлопчыкамі не знаёмілася, нікому не прызнавалася ў вялікім і чыстым каханні. Напісала пра сваю старэйшую сястру, якая вучылася ў сталічным кульку, пра яе жыццё ў інтэрнаце, пра яе сябровак, якія прайшлі «Крым і Рым», як яны казалі; пра тое, як паспрабавала віно, але яно ёй не спадабалася, нейкае кіслае. Пра татку таксама напісала, які мог і ўдзень і ўначы тарашчыцца ў блакітны экран, лежачы на канапе. Яму было ўсё адно што глядзець, абы чалавечкі бегалі ці партрэцікі вяшчалі.